Адамович Лидия - Кветкi Самотнай Князёўны (На Белорусском Языке)
Лiдзiя Адамовiч
Кветкi самотнай князёўны
Аповесць
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
I
Аленка не магла стрымацца ад смеху - мужчына гадоў трыццацi ў белым
касцюме неадрыўна пазiраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкi з нейкiм маладым
хлопцам Аленчынага ўзросту i за ўвесь вечар нiкога не запрасiў да танцаў. Ён,
вiдаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылi свае гарадскiя хлопцы, да таго ж
яна прыехала ў вёску да аднакурснiцы Галi, каб сустрэць тут Мiколу - у
iнстытуце ён зусiм не звяртаў на яе ўвагi. Высокi, прыгожы, з кучаравымi
пышнымi валасамi, блакiтнавокi, Мiкола вабiў многiх дзяўчат, але, сябруючы з
усiмi, быў такi недасягальны i, здавалася Аленцы, чымсьцi таемны, а
неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзiць да
Мiколавага бацькi, быццам па квашаныя яблыкi, у вёсцы Адась славiўся тым, што
надта ж смачна ўмеў квасiць антонаўкi. Адасева жонка памерла, i ён сам вёў
гаспадарку. Калi дзяўчаты прыйшлi, Мiкола сустрэў iх ветлiва, па-сяброўску
частаваў яблыкамi, жартаваў, а вось у клуб так i не з'явiўся.
...Мужчына ў белым касцюме па-ранейшаму пазiраў на Аленку. Ён здаваўся
дзяўчыне старым. Яго погляд раптам выклiкаў такi выбух смеху, што Аленка,
прыкрыўшы рукою вусны, порстка схавалася за спiну сяброўкi.
- Сцiхнi ты, дурнiца! - таўканула яе ў бок Галя, прыгладжваючы валасы. -
Ён сюды накiроўваецца!
Мужчына i сапраўды iшоў да iх. Як нi стрымлiвалася Аленка, як нi сцiскала
вусны, але ўсё ж хiхiкнула, калi той запынiўся ля Галi i, гледзячы паўзверх яе
пляча, звярнуўся да Аленкi:
- Можна вас?
Аленка моўчкi кiўнула, падала яму руку i пайшла следам, стараючыся думаць
аб чым-небудзь сумным, каб суняць смех. Ён абняў яе так, што ёй не заставалася
нiчога, акрамя як стаяць на месцы i ледзь-ледзь перасоўваць ногi. Вось так яны
i танцавалi - на месцы. Смех у Аленкi ўжо прайшоў. Да таго ж, стоячы ў клубе ў
сваiм дэкальтаваным маскарадным касцюме, накшталт князёўны сярэднявечча,
Аленка крыху змерзла, а тут, у абдымках мужчыны, яна прыгрэлася i летуценна
пачала ўяўляць, што танцуе з Мiколам.
...Вочы ў Мiколы глыбокiя, блакiтныя, з патанулай хмарынкай, але цёплыя i
добрыя. Гэта было мора, бяздоннае, зменлiвае, мора перад штормам. У такiя вочы
можна было глядзець доўга-доўга, заглядзецца i патануць. Як яна зайздросцiла
хлопцу, якi жыў з Мiколам у адным пакойчыку ў iнтэрнаце, - ён бачыў яго
ранiцою, вечарам, кожны дзень... I не ўяўляў нават, якое гэта шчасце - бачыць
перад сабою Мiколу, яе бога, назiраць за яго рухамi, калi ён умываецца, за
ягонымi вуснамi, калi ён гаворыць, за ягонымi пальцамi, што перабiраюць струны
гiтары... З якою асалодаю стаяла Аленка вечарамi пад дзвярыма Мiколавага
пакойчыка i ўбiрала ў сябе ўсе гукi i словы, што даносiлiся адтуль... Яна
ведала, што Мiкола збiрае групу для краязнаўчага паходу па слядах падання пра
князя Вiтаўта i Дарыну. Ёй так хацелася пайсцi з iм у гэты паход, але яе не
запрашалi...
Нават нумар пакоя, у якiм жыў Мiкола, выклiкаў асалоду. На лекцыях Аленка,
як заварожаная, пiсала проста ў канспекце запаветныя лiчбы: 405... 405... i
выводзiла лiтары: Мiкола Гайда... Мiкола Гайда... i з трапяткiм сэрцам
падстаўляла пад ягонае прозвiшча сваё iмя, i мiлавалася сугучнасцю: Алена
Гайда... Алена Гайда...
- Самотная князёўна на чужым бале? - абарваў яе думкi прыглушаны голас.
Алена ўзняла вочы - яна ўсё яшчэ танцуе з гэтым "старым мужчынам"? "Ён
падобны на цыгана, - падумала дзяўчына. - На старога цыгана!" I адвяла позiрк.
- Баль заканчваецца, - прамовiў мужчына лаг